ГЛЫ́БАВЫЯ ГО́РЫ,

скідавыя горы, падняцці зямной кары, абмежаваныя тэктанічнымі разломамі. Узнікаюць звычайна ў складкавых зонах, якія мелі раней горны рэльеф, але з цягам часу страцілі пластычнасць і былі выраўнаваны дэнудацыяй. Пры наступных узыходных рухах падымаюцца ў выглядзе горстаў, разбітых скідамі на асобныя глыбы (адроджаныя горы). Для глыбавых гор характэрны масіўныя абрысы, стромкія схілы і параўнальна слабая расчлянёнасць.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)